Лепшыя рок-альбомы і хіты красавіка 2024
Прывітанне, сябры!
Кожны месяц выходзіць па некалькі альбомаў у "дзядоў" (заслужаных ветэранаў рок-сцэны, якія ў справе ўжо не першы дзясятак). І ты заўсёды чакаеш нечага асаблівага ад іх, бо ведаеш - яны ж могуць! Але вось часта атрымліваецца, што ці то ўжо не могуць, ці то не моцна жадаюць. 12-ая студыйная праца легенд гранжа Pearl Jam "Dark Matter" - прыемнае выключэнне. Вопыт і ўпэўненасць у спалучэнні з крэатыўнасцю, якая незразумела адкуль узялася, творыць сапраўдны цуд. Гэтая кружэлка па праве можа звацца лепшай у красавіку!
Другі хайлайт мінулага месяца належыць крыху менш аблашчаным славай і рэгаліямі панк-рок музыкам з Нью-Ёрка Bayside. Іх дзявяты рэліз "There Are Worse Things Than Being Alive" свежы, дынамічны і даволі разнастайны. Гэта адзін з тых альбомаў, які хочацца часам паслухаць на павышанай гучнасці.
Хочацца таксама адзначыць дыхтоўную плытку ветэранаў метал-сцэны Accept "Humanoid" і новы альбом гурта з майго юнацтва Alien Ant Farm "~mAntras~".