Лепшыя рок-альбомы і хіты лютага 2025
Прывітанне, сябры!
Люты парадаваў сваімі музычнымі навінкамі, і ў першую чаргу - новым альбомам беларусаў Naviband з нечаканай назвай «Адліга».
«Нехта можа спытаць, чаму «Адліга», калі адлігі ніякай няма. Але мы мусім яе прыцягваць, верыць, што загляне сонца ў цёмныя часы. І хто як не людзі культуры павінны прыцягваць гэтую самую адлігу», — патлумачыў Арцём Лук’яненка.
Так, альбом выйшаў цёплым, спакойным, светлым, напоўненым каханнем, смуткам і надзеяй.
Быў на іх канцэрце ў мінулым годзе - вельмі спадабалася. Калі завітаюць у ваш горад - абавязкова схадзіце!
Што яшчэ цікавага было ў лютым? Ах так! Я чакаў новай плыткі Jinjer, але, на жаль, не зайшло – сталі яшчэ цяжэй, складаней, згубілася меладычнасць, якую я так шаную ў музыцы. Але я пасрабую паслухаць яшчэ раз трошкі пазней.
А вось Udo пацешыў, выпусціўшы кавер на сябе маладога - на культавы альбом Accept Balls to the Wall (1983). Атрымалася самавіта і сучасна - па музыцы ад арыгінала асабліва не адыходзілі, згулялі вельмі зладжана, ну а з вакалам дапамагалі запрошаныя вядомыя еўрапейскія метал-вакалісты - ад Doro да фронтмэнаў Helloween, Kreator і Saxon.