04.01.2026 / 32 / Агляд навінак

Лепшыя альбомы 2025 года

З надыходам новага года, дарагія сябры! Няхай ён радуе нас прыемнымі нечаканасцямі, у тым ліку і ў музычным плане!

Час падводзіць вынікі мінулага года, і пачнем мы, як заўсёды, з дзясяткі лепшых альбомаў. Але перад гэтым хацелася б сказаць некалькі слоў пра снежань, які не атрымаў асобнага агляду з-за вельмі малой колькасці выдадзеных альбомаў. Аднак адзін рэліз дакладна варта згадаць і адзначыць — гэта новы рэліз беларускага гурта Дай Дарогу! — Не да законаў. Ва ўласцівай гурту жартоўнай форме апісваюцца мінулыя падзеі беларускіх пратэстаў 2020 года, рэпрэсіі, эміграцыя, а таксама будучыя, няўмольна надыходзячыя падзеі падзення дыктатуры і вяртання дадому...

Дык вось, вяртаемся да вынікаў года — прадстаўляю вашай увазе рэйтынг 10 лепшых рок-альбомаў 2025 года!

Праз некалькі дзён з’явіцца і плэйліст лепшых рок-хітоў 2025 года.

Месца Альбом Дата Рэйтынг Апісанне / Топ-3 трэка
1
Leibonik - Tupesni
Жнівень
Паводле слоў лідара гурта Сяргея Башлыкевіча, «калі альбом TAM (2023) быў часу-цэнтрычны з фокусам на апошнім годзе, то Tupesni — дайджэст больш працяглага часу. Гэта спроба паглядзець на сябе праз тэксты розных часоў — з асэнсаваннем сваіх фіксацый на тэмах, якія варта адпусціць.» Але гэта не значыць, што ўвесь альбом - суцэльная настальгія: тут ёсць і абсалютна новыя тэмы пошуку сябе тут і цяпер (напрыклад, Mine). Увогуле, усіх нас можна павіншаваць з яшчэ адным цудоўным альбомам на беларускай мове!
Illia
Mine
Lemmi
2
Badflower - No Place Like Home
Чэрвень
Я даўно сачу за гэтымі хлопцамі, і з кожным новым альбомам яны не расчароўваюць. Да запісу сваёй трэцяй студыйнай працы музыканты падышлі з усёй сур'ёзнасцю. "Я спрабаваў пісаць, як раней – бязладна, хаатычна, пад градусам" – кажа фронтмэн Джош Катц. "Але гэта больш не прыносіла задавальнення. Пісаць цвярозым прымусіла мяне сутыкнуцца з сабой так, як я ніколі раней не рабіў." Рэдка бывае, што «заходзяць» амаль усе трэкі на альбоме – гэта той выпадак!
Butterfly
Number 1
No Place Like Home
3
Biffy Clyro – Futique
Верасень
У гурта, якога называюць самым крутым брытанскім рок-калектывам на дадзены момант, адразу два юбілеі — 30 гадоў на сцэне і 10-ы альбом. Час зрабіць паўзу, панастальгаваць, падумаць пра вечнае і пра каштоўнасць шчаслівых момантаў у нашым жыцці. Назва альбома — неалагізм, утвораны са слоў future і antique. Фронтмэн Сайман Нейл раскрыў канцэпцыю рэлізу: «Futique – гэта даследаванне ідэй, аб’ектаў і адносін, што існуюць у часе. Мы ніколі не ўсведамляем, што робім нешта ў апошні раз, і ў гэтым ёсць і прыгажосць, і сум». Гэты рэліз — выдатнае пацверджанне таго, што нават праз 30 гадоў гурт застаецца свежым, поўным энергіі і ідэй. Выдатны альбом!
Goodbye
Shot One
A Little Love
4
Naviband - Адліга
Люты
Люты парадаваў сваімі музычнымі навінкамі, і ў першую чаргу - новым альбомам беларусаў Naviband з нечаканай назвай «Адліга». «Нехта можа спытаць, чаму «Адліга», калі адлігі ніякай няма. Але мы мусім яе прыцягваць, верыць, што загляне сонца ў цёмныя часы. І хто як не людзі культуры павінны прыцягваць гэтую самую адлігу», — патлумачыў Арцём Лук’яненка. Так, альбом выйшаў цёплым, спакойным, светлым, напоўненым каханнем, смуткам і надзеяй. Быў на іх канцэрце ў мінулым годзе - вельмі спадабалася. Калі завітаюць у ваш горад - абавязкова схадзіце!
Прабач
Надзея
Мама
5
Ghost – Skeletá
Красавік
Шосты альбом шведскага рок-гурта, вядомага шырокім масам за свае касцюміраваныя шоу і таямніцай, ахутанай вакол музыкаў, зараз узначальвае разнастайныя чарты па ўсім свеце. Самі музыкі ахарактарызавалі альбом, як «самую непахісна інтраспектыўную працу на сённяшні дзень». Упэўненая праца з некалькімі хітамі і без адзінай слабой песні. Цешыць, што гурт не стаіць на месцы – расце і развіваецца.
Lachryma
Guiding Lights
Peacefield
6
Calva Louise – Edge of the Abyss
Ліпень
Малады брытанскі гурт, які імкліва набірае абароты. Дарэчы, назваць гэты калектыў брытанскім даволі складана — вакалістка і гітарыстка Джэс Аланік родам з Венесуэлы, басістка Алізон Тахо з Францыі, а бубнач Бэн Паркер з Новай Зеландыі. І гэтая выбуховая сумесь розных культур дае сапраўды магутны вынік. Музыкі лёгка размываюць межы жанраў, свабодна пераходзячы ад попа да металу, ад рока да дэнсу. Так што сумна дакладна не будзе!
Aimless
Hate in me
Impeccable
7
Three Days Grace - Alienation
Жнівень
Пры першым праслухоўванні альбома здзіўляўся, чаму голас вакаліста ўвесь час змяняецца, пайшоў гугліць — аказваецца, у гурт пасля 11 гадоў вярнуўся адзін з заснавальнікаў — Адам Ганцье! Цяпер у калектыва два раўнапраўныя лід-вакалісты, бо Мэт Уолст нікуды не знік. Кажуць, што яны вырашалі, хто дзе будзе спяваць, гуляючы ў «камень-ножніцы-паперу». Я лічу, што вяртанне Адама пайшло гурту на карысць. Alienation паспяхова спалучае эмацыйную напружанасць ранніх прац Three Days Grace з сучасным гучаннем стадыённага року.
Kill Me Fast
Don't Wanna Go Home Tonight
Another Relapse
8
Beach Bunny - Tunnel Vision
Красавік
Трэці альбом поп-рок калектыва з Чыкага. Пласцінка слухаецца вельмі лёгка – прыемны голас, жыццёвыя тэксты, простая, але якасная музыка, запамінальныя вакальныя мелодыі. Магчыма, гэта мая настальгія па першых альбомах Аўрыл Лавін, але ў гэтым рэлізе безумоўна нешта ёсць.
Vertigo
Clueless
Violence
9
Goose - Everything Must Go
Красавік
Нешта ёсць такое няўлоўна чароўнае ў джэм калектывах. Гэта вам не адрэпетаваны да дзюр матэрыял, а жывы, дынамічны струмень натхнення. Вядома, не ўсе ідэі ў выніку аказваюцца такімі чароўнымі, але на гэтым альбоме добрых ідэй сапраўды нямала.
Dustin Hoffman
Red Bird
Give It Time
10
Beauty School Dropout – Where Did All the Butterflies Go?
Верасень
Гэта зусім іншая гісторыя. Дэбют маладых музыкаў з Каліфорніі — і вельмі круты дэбют! З аднаго боку — неўтаймаваная страсць, эмоцыі і энергія, уласцівыя маладым гуртам, а з другога — якаснае гучанне і ўмелыя аранжыроўкі. З другім, хутчэй за ўсё, добра дапамог знакаміты прадзюсар Ніл Аврон, які працуе з Linkin Park, Yellowcard, Fall Out Boy і многімі іншымі. Віншую з класным дэбютам і жадаю поспехаў хлопцам!
ADELINE (SAVE SOME FOR THE REST OF US)
LMTFA
SEX APPEAL
* Націскайце на любы альбом і слухайце яго на Spotify ці Youtube.
Падобныя матэрыялы:
Каментары (0):
avatar