Лепшыя рок-альбомы і хіты красавіка 2025
Прывітанне, сябры!
Крыху са спазненнем, але ўсё ж падбіваю вынікі музычных навінак за красавік. Добрых альбомаў было нямала (што радуе) - я абраў 4 самых-самых.
Beach Bunny - Tunnel Vision. Трэці альбом поп-рок калектыва з Чыкага. Пласцінка слухаецца вельмі лёгка – прыемны голас, жыццёвыя тэксты, простая, але якасная музыка, запамінальныя вакальныя мелодыі. Магчыма, гэта мая настальгія па першых альбомах Аўрыл Лавін, але ў гэтым рэлізе безумоўна нешта ёсць.
Ghost – Skeletá. Шосты альбом шведскага рок-гурта, вядомага шырокім масам за свае касцюміраваныя шоу і таямніцай, ахутанай вакол музыкаў, зараз узначальвае разнастайныя чарты па ўсім свеце. Самі музыкі ахарактарызавалі альбом, як «самую непахісна інтраспектыўную працу на сённяшні дзень». Упэўненая праца з некалькімі хітамі і без адзінай слабой песні. Цешыць, што гурт не стаіць на месцы – расце і развіваецца.
Goose - Everything Must Go. Нешта ёсць такое няўлоўна чароўнае ў джэм калектывах. Гэта вам не адрэпетаваны да дзюр матэрыял, а жывы, дынамічны струмень натхнення. Вядома, не ўсе ідэі ў выніку аказваюцца такімі чароўнымі, але на гэтым альбоме добрых ідэй сапраўды нямала.
Разбітае сэрца пацана - Бо кругом свінарнік, а ты прэкрасней усех. Я не мог абмінуць і новы рэліз беларускіх выканаўцаў. У РСП усё як звычайна – з гумарам, танцамі і трасянкай пра простыя жыццёвыя гісторыі і пачуцці. «Гэта заява пра час, людзей і каханне, якое працягвае біць у грудзях, нават калі ўсё астатняе разбураецца», - кажуць музыкі.