11.09.2025 / 149 / Агляд навінак

Лепшыя рок-альбомы і хіты жніўня 2025

Прывітанне, сябры!

Вось і скончылася лета, і мы з галавой зноў акунуліся ў працу і вучобу. Але лепшыя альбомы і трэкі жніўня яшчэ доўга будуць саграваць нашы вушкі і сэрцы.

Leibonik - Tupesni. Паводле слоў лідара гурта Сяргея Башлыкевіча, «калі альбом TAM (2023) быў часу-цэнтрычны з фокусам на апошнім годзе, то Tupesni — дайджэст больш працяглага часу».

«Гэта спроба паглядзець на сябе праз тэксты розных часоў — з асэнсаваннем сваіх фіксацый на тэмах, якія варта адпусціць.»

Але гэта не значыць, што ўвесь альбом - суцэльная настальгія: тут ёсць і абсалютна новыя тэмы пошуку сябе тут і цяпер (напрыклад, Mine).

Увогуле, усіх нас можна павіншаваць з яшчэ адным цудоўным альбомам на беларускай мове!

Three Days Grace - Alienation. Пры першым праслухоўванні альбома здзіўляўся, чаму голас вакаліста ўвесь час змяняецца, пайшоў гугліць — аказваецца, у гурт пасля 11 гадоў вярнуўся адзін з заснавальнікаў — Адам Ганцье! Цяпер у калектыва два раўнапраўныя лід-вакалісты, бо Мэт Уолст нікуды не знік. Кажуць, што яны вырашалі, хто дзе будзе спяваць, гуляючы ў «камень-ножніцы-паперу».

Я лічу, што вяртанне Адама пайшло гурту на карысць. Alienation паспяхова спалучае эмацыйную напружанасць ранніх прац Three Days Grace з сучасным гучаннем стадыённага року.

Дарэчы, у музыкаў запланаваныя еўрапейскія гастролі ў лістападзе-снежні — не прапусціце!

Dinosaur Pile-Up - I've Felt Better. Яркае вяртанне брытанскага альт-рок-гурта пасля 6 гадоў маўчання. Доўгая адсутнасць была звязаная з хваробай фронтмэна Мэта Бігленда — у 2019 годзе яму паставілі дыягназ «язвенны каліт», і ён доўгі час правёў у бальніцах, пакуль не падабралі правільнае лячэнне.

Менавіта там Мэт і напісаў матэрыял для будучага альбома, які атрымаўся эмацыйным, драйвовым і вясёлым (што даволі нечакана).

Hayley Williams - Ego Death at a Bachelorette Party. Пакуль Paramore на паўзе, іх фронтвумен Хэйлі Уільямс выпускае чарговую сольную плытку. Хэйлі адзначае, што гэтым разам яна адчувала сябе абсалютна свабоднай у творчым плане, таму праца атрымалася вельмі разнастайнай па тэматыцы і музычных жанрах. Затое кожны знойдзе тут нешта для сябе.. Я знайшоў!





Падобныя матэрыялы:
Каментары (0):
avatar