29.07.2025 / 37 / Агляд навінак

Лепшыя рок-альбомы і хіты ліпеня 2025

Прывітанне, сябры!

З ліпеньскіх рок-альбомаў я б вылучыў наступныя:

Calva Louise – Edge of the Abyss. Малады брытанскі гурт, які імкліва набірае абароты. Дарэчы, назваць гэты калектыў брытанскім даволі складана — вакалістка і гітарыстка Джэс Аланік родам з Венесуэлы, басістка Алізон Тахо з Францыі, а бубнач Бэн Паркер з Новай Зеландыі. І гэтая выбуховая сумесь розных культур дае сапраўды магутны вынік. Музыкі лёгка размываюць межы жанраў, свабодна пераходзячы ад попа да металу, ад рока да дэнсу. Так што сумна дакладна не будзе!

Dropkick Murphys – For the People. Трынаццаты студыйны рэліз кельцкіх панк-рокераў. Калі б у мяне быў уласны ірландскі паб, гэты альбом граў бы там нон-стоп. Падымаць поўныя куфлі халоднага Guinness або Kilkenny і, абняўшыся, гучна спяваць прыпевы з сябрамі, а потым пускацца ў нястрымны танец. Прыкладна такія асацыяцыі ў мяне ўзнікаюць пры праслухоўванні гэтай кружэлкі.

Daron Malakian and Scars on Broadway – Addicted to the Violence. Трэці рэліз сайд-праекта гітарыста System of a Down Дарона Малакяна. Хаця, улічваючы, што апошні альбом SOAD выйшаў 20 гадоў таму, Scars on Broadway — цалкам асноўны праект Малакяна цяпер. Усе прыхільнікі творчасці System of a Down павінны ацаніць гэтую пласцінку — яны знойдуць у ёй знаёмую дынаміку, мелодыку і, вядома ж, армянскі каларыт.





Падобныя матэрыялы:
Каментары (0):
avatar