Лепшыя рок-альбомы і хіты чэрвеня 2026
Прывітанне, сябры! Прабачце, вельмі спазніўся я з аглядам чэрвеньскіх альбомаў – ужо хутка час ліпеньскія аглядаць. Але ж адпачываць таксама трэба, лета як ніяк..
Evanescence – Sanctuary. Шосты студыйны альбом амерыканскага рок-гурта. У адрозненне ад ранейшых прац, дзе Эмі Лі часцей звярталася да асабістых траўмаў, «Sanctuary» адлюстроўвае грамадскую напружанасць, дэзінфармацыю, няўпэўненасць і патрэбу ў арыенцірах. Сама спявачка неаднойчы падкрэслівала, што альбом нарадзіўся не з жадання быць «палітычным голасам», а з немагчымасці маўчаць:
«Уключы навіны — і можаш натхніцца напісаць цяжкую рок-песню, поўную гневу, асабліва як жанчына. Гэта проста цяжка, бо я не палітычная. Я гэтага не хачу. Гэта было навязана нам усім».
Пры гэтым яна тлумачыла, што прытулак («sanctuary») — гэта не ўцёкі ад рэальнасці, а спосаб сустрэцца з ёй тварам да твару.
Музыка «Sanctuary» — гэта своеасаблівы сінтэз ранняй, «класічнай» готык-метал ідэнтычнасці гурта і сучаснага, больш жорсткага гучання.
І яшчэ адна цікавая гісторыя. Калі раней Эмі Лі слухала гатовы альбом у альтанцы на дрэве ў сваім двары пад зоркамі, то цяпер гэтая альтанка была знесена — «дрэва памірала, і давялося яго прыбраць, пакуль яно нікому не нашкодзіла», так што новым рытуалам стаў просты шпацыр па двары ў навушніках.
The Pretty Reckless - Dear God. Пяты студыйны альбом рок-гурта з Нью-Ёрка. Тэматычна плытка працягвае даследаваць тое, што пачалося на папярэднім «Death By Rock And Roll» (2021): смерць блізкіх людзей і жыццё пасля страты. Фронтвумэн Тэйлар Момсен прызнаецца:
«Death By Rock And Roll быў імгненнай рэакцыяй на тое, што дапамагло мне перажыць тыя страты. А гэты альбом — у многім наступствы таго, дзе я знаходжуся зараз з гэтымі перажываннямі».
Альбом павінен быў быць запісаны яшчэ даўно, але ж AC/DC пазвалі музыкаў у свой маштабны двухгадовы тур, таму працу над пласцінка адклалі – ты ж не будзеш адмаўляць AC/DC!
«Dear God» - гэта той пункт, калі ўпэўненасць замяняе амбіцыі — не таму, што знікла жаданне рухацца наперад, а таму, што знікла патрэба нешта даказваць. Гэта даволі змрочная, месцамі дэпрэсіўная, але ж вельмі змястоўная і ўпэўненная праца.
Death Cab for Cutie - I Built You a Tower. Яшчэ адзін даволі змрочны рэліз (які змрочны чэрвень атрымоўваецца) ад яшчэ адных амерыканцаў. У дадзеным выпадку крыніца смутку - распад шлюбу фронтмэна Бэна Гібарда. Пры гэтым альбом свядома не пазіцыянуецца як класічная «breakup-пласцінка» — хутчэй, гэта даследаванне таго, што адбываецца пасля таго, як эмацыйны пыл асядае.
Гібард тлумачуць значэнне назвы «I Built You a Tower»:
«Ёсць гэтая патрэба знайсці ў сабе месца, куды можна змясціць страту і гора. Месца, якое можа ўтрымаць гэта, каб мы маглі жыць далей. Але бываюць моманты, калі траўма прарываецца з абалонкі, якую мы для яе стварылі».
Я лічу, што спалучэнне ўпэўненасці і ранімай уразлівасці Гібарда дае адзін з найбольш разнастайных досведаў позняга перыяду творчасці гурта.
Evergrey - Architects of a New Weave. Пятнаццаты студыйны альбом шведскіх майстроў меланхоліі з Гётэборга. Пасля сыходу барабаншчыка Ёнаса Экдаля ў 2024-ым гурт пакінуў і гітарыст Хенрык Данхаге — чалавек, які быў часткай творчага ядра Evergrey на працягу 21 года. Але ж Басіст Юхан Німан, не бачыць у катастрофы ў аднаўленні складу гурта, а хутчэй магчымасць для новага ўзроўню развіцця гурта.
Сама назва — не проста фраза, а маніфест. «Новае перапляценне» намякае, што чалавецтва само з'яўляецца аўтарам свайго будучага: жыццё не «рамантуецца» вяртаннем да старога ўзору — яго трэба сплятаць нанова. Амаль кожная песня альбома змагаецца з адной і той жа ідэяй: немагчыма стаць цэласным, адсякаючы пашкоджаныя часткі сябе.
Том Энглунд тлумачыў лірычнае натхненне альбома так:
«Тое, што заўсёды атрымліваецца з Evergrey, — гэта пэўнае канцэптуальнае адчуванне. Гэта не канцэпт-альбом як такі. Але ён закранае чалавечую псіхіку, чалавечыя адносіны і тое, што адбываецца ў свеце прама зараз».
Што яшчэ раім паслухаць: