Лепшыя рок-альбомы і хіты чэрвеня 2024
Прывітанне, сябры!
Лепшым рок-альбомам чэрвеня можна смела назваць сёмую кружэлку тэхаскага квартэта Nothing More – Carnal. Шлях калектыву да поспеху і папулярнасці быў няпросты, доўгі і цярністы. Вакаліст Джоні Хокінс пачынаў свой музычны шлях як бубнач, вакалісты прыходзілі і сыходзілі, а гурт таптаўся на месцы. Музыкі ўжо было думалі разбягацца, і тут Джоні вырашае прапанаваць сваю кандыдатуру на месца фронтмэна. Высветлілася, што хлопец нядрэнна спявае, і неўзабаве калектыў здзейсніў прарыў. Цяпер Хокінс настолькі арганічна і ўпэўнена сябе адчувае за мікрафонам, што ў гэтую гісторыю цудоўнага пераўвасаблення складана паверыць. Свежы альбом якраз грунтуецца на магутным, упэўненым і меладычным вакале. І хоць большасць крытыкаў не асабліва ў захапленні ад плыткі – згодны, магчыма, музыкі занадта ўжо прылізалі гучанне, зрабілі яго досыць камерцыйным - усё ж мяне гэтая праца зачапіла з першага ж праслухоўвання.
Яшчэ чатыры чэрвеньскія альбомы, якія заслугоўваюць увагі:
- The Warning - Keep Me Fed
- The Dangerous Summer – Gravity
- Kittie – Fire
- Evergrey - Theories of Emptiness