Лепшыя рок-альбомы і хіты жніўня 2026
Прывітанне, сябры! Дзіўна, але ў адрозненні ад лёгкіх і жыццярадасных ліпеньскіх альбомаў, жнівеньскія атрымаліся нашмат больш змрочныя і неадназначныя. Давайце разбірацца.
The Warning - Everything's Falling. Пяты студыйны альбом мексіканскага рок-гурта The Warning, які складаецца з трох сясцёр Вільярэаль Вэлес — Даньэлы (вакал, гітара), Паўліны (барабаны, вакал) і Алехандры (бас, вакал). Сама Даньэла патлумачыла канцэпцыю гэтай працы так:
«Увогуле, увесь альбом пра тое, як сутыкацца з няўдачамі і потым зноў будаваць сябе. Гэта эмацыянальнае падарожжа, праз якое праходзяць усе людзі, — той унутраны канфлікт. Гэта пастаянная бітва за тое, каб стаць лепш».
Тое, што робіць Everything's Falling такім удалым, — гэта тое, наколькі натуральна The Warning пераходзяць паміж рознымі бакамі свайго гучання. Яны могуць быць жорсткімі ў адну хвіліну і меладычнымі ў наступную, заўсёды застаючыся сапраўднымі, не прымяраючы на сябе чужыя вобразы.
Mastodon - Marrow Deep. Дзявяты студыйны альбом амерыканскага метал-гурта і першы, запісаны складам з пяці чалавек – гурт папоўніўся гітарыстам Нікам Джонстанам і клавішнікам Жуаном Ногейрам. Пласцінка напісана пасля двух цяжкіх страт: у лютым 2025 года памерла маці барабаншчыка Брана Дэйлара, а праз некалькі месяцаў пасля канфліктнага звальнення з гурта памёр заснавальнік і гітарыст Брэнт Хіндс.
Альбом запісваўся літаральна праз тыдзень пасля смерці Хіндса. Бас-гітарыст і вакаліст Трой Сандэрс апісаў яго не як «канец», а хутчэй як «момант перараджэння», а Дэйлар прызнаваўся, што музыка стала для яго спосабам не проста сядзець з горам, а перапрацоўваць яго.
Плытка працягвае традыцыю Mastodon, пабудаваную на рыфава-арыентаванай агрэсіі і прагрэсіўных структурах песень. Некаторыя крытыкі мяркуюць, што нягледзячы на новых удзельнікаў — Ногейру і Джонстана, — якія добра ўпісваюцца ў гурт, адсутнасць Хіндса адчуваецца на працягу ўсяго альбома: менавіта яго прысутнасць часта была тым «ікс-фактарам», які штурхаў музыку Mastodon у больш магутную тэрыторыю. Але ў рэшце рэшт кожны робіць вывады сам.
Marilyn Manson - One Assassination Under God – Chapter 2. Трынаццаты студыйны альбом адной з самых супярэчлівых фігур цяжкога року. Гэта другая частка дыпціха (першая „One Assassination Under God – Chapter 1” выйшла ў 2024), у якой Мэнсан працягвае лінію першай главы — даволі празрыстую крытыку сваіх шматлікіх апанентаў. У некаторых трэках гучаць прамыя заклікі да адкрытага супраціву - «Уставай і змагайся!», ці «Больш ніхто нас не зачэпіць, дык чаго ты чакаеш?».
Галоўныя складнікі альбома: спалучэнне метал-гітар, індустрыяльныя танцавальныя рытмы, змрочная меладычнасць, футурыстычны гот-глэм і той самы канфрантацыйны настрой.
Saliva - Breaking Through. Дванадцаты студыйны альбом амерыканскага ню-мэтал/хард-рок гурта. Цікава, што ад класічнага складу пачатку 2000-х сёння ў гурце не засталося нікога – апошні з заснавальнікаў гурта гітарыст Уэйна Суіні памёр ад кровазліцця ў мозг у 2023 годзе.
Вакаліст Бобі Амару прызнаваўся, што яго моцна закранулі нядаўнія страты ў музычнай супольнасці, у тым ліку смерці Оззі Осбарна, Сэма Рыверса з Limp Bizkit і Брэда Арнольда з 3 Doors Down:
«Гэты альбом даследуе цяжар гора, адмаўляючыся яму здавацца. Кожная песня — гэта унікальная грань страты, устойлівасці і ацалення, якія разам ствараюць магутны партрэт таго, што значыць вытрымаць, устояць і, урэшце, прыняць святло».
Што яшчэ раім паслухаць: