Лепшыя рок-альбомы і хіты кастрычніка 2023
Прывітанне, сябры!
Ну што ж, паслухаў я кастрычніцкія рэлізы, і ці то я стаў больш прыдзірлівы, ці насамрэч месяц выдаўся неўраджайным у музычным плане.
Нядрэнны альбом выдалі амерыканскія панк-рокеры Blink-182, якія сабраліся ў сваім класічным складзе. Пласцінка называецца "One More Time...". Атрымалася нядрэнна! Адчуваецца, што музыкі засумавалі па сумеснай працы і накаўбасілі амаль два дзясяткі песень (хоць не сказаць, што гэта зрабіла альбом супер-разнастайным). Нейкіх стылістычных інавацый тут няма - гэта стары-добры Блінк з крыху больш сур'ёзнымі тэкстамі, крыху пастарэлымі галасамі і больш вылізаным гукам.
З плюсаў кастрычніка хочацца адзначыць яшчэ два нядрэнныя альбомы: Rival Sons – “Lightbringer” і The Gaslight Anthem – “History Books”. А вось, напрыклад, знакамітыя The Rolling Stones выдалі даволі прахадны рэліз.
Беларускі рок нічым у мінулым месяцы, на жаль, не парадаваў. А вось піцерскі гурт Афінаж з яго альбомам «Таварыства з Абмежаванай Адказнасцю» (дарэчы, класная назва) стварыў для мяне сапраўдную дылему. Матэрыял выдаўся выдатным, калі абстрагавацца ад кантэксту. Справа ў тым, што Афінаж спачатку асудзіўшы вайну ва Украіне, затым цалкам адхіліўся ад тэмы вайны, пры гэтым калектыў застаўся ў Расіі і рэгулярна выступае там. Адсутнасць выразнай пазіцыі па ключавым пытанні для любога нармальнага чалавека, кідае цень на плён творчасці гурта і дае прастору для інтэрпрэтацыі як у адзін бок, так і ў іншы. Мне было б непрыемна слухаць музыку, у якую аўтар заклаў сэнс, які я катэгарычна не прымаю. Таму, лепей я не буду яе слухаць...
Ну вось з большага і ўсё пра кастрычнік. Слухайце і глядзіце падборачку лепшых кастрычніцкіх хітоў ніжэй: