Лепшыя рок-альбомы і хіты ліпеня 2026
Прывітанне, сябры! І зноў выбачаюся за спазненне з аглядам ліпеньскіх альбомаў – бавіў час у падарожжах. А ліпень тым часам падараваў нам дужа шмат новых лёгкіх, вясёлых і летніх альбомаў – давайце па парадку.
Waterparks – Jinx. Шосты студыйны альбом амерыканскага поп-рок трыа. Апавядальны дар фронтмэна Остэна Найта і яго любоў да тэатральнасці адчуваюцца з першых секунд. Найт заўсёды ставіўся да тэкстаў як да адкрытых дзённікаў, называючы імёны напрамую, і гэты альбом ахоплівае тры гады матэрыялу без спробы змякчыць удар.
Назва Jinx Найту прыйшла сама — на працягу трох дзён некалькі розных людзей незалежна прапанавалі яму гэтае слова. Яно ідэальна легла і на хаос перыяду стварэння альбома, і на алфавітную сістэму назваў гурта (кожны рэліз Waterparks пачынаецца з чарговай літары алфавіта — Entertainment, FANDOM, Greatest Hits, Intellectual Property... і вось Jinx).
Лірычна Jinx — гэта спроба разабрацца з экзістэнцыяльным неспакоем, коштам публічнасці і паглынальнымі адносінамі. Паводле афіцыйнага апісання, альбом раскрывае свет, дзе нічога не мае сэнсу, але прага знайсці яго не спыняецца ні на хвіліну.
Mayday Parade – Sugar. Дзясяты студыйны альбом фларыдскага поп-панк гурта — і адначасова заключная частка амбіцыйнай трылогіі, прымеркаванай да 20-годдзя каманды. Sugar стаў трэцяй і фінальнай часткай трохчасткавага праекта, які пачаўся з «Sweet» у красавіку 2025-га і працягнуўся «Sad» у кастрычніку 2025-га. У выніку за паўтара года гурт напісаў і выпусціў 3 новых альбома.
Важны нюанс: трылогія не апавядальная. Плыткі адрозніцаюцца гукавымі элементамі, якія складаюць ідэнтычнасць гурта — «Sweet» пераклікаецца з сонечным цяплом дэбютнага «A Lesson in Romantics», а «Sad» падкрэслівае эмацыйны «emo» бок музыкаў. «Sugar» жа задумана як сінтэз абодвух палюсоў.
Фінальны трэк «What Happens Next», які завяршае трылогію на адкрытай ноце, намякае на тое, што гісторыя не скончана і неўзабаве будзе нейкі працяг.
The Xcerts - i think i want to go home now. Шосты студыйны альбом шатландскага альт-рок трыа. Гэта пласцінка, якая для многіх фанатаў стала своеасаблівым «вяртаннем дадому» пасля даволі супярэчлівага папярэдняга рэліза. Папярэдні альбом Learning How To Live And Let Go (2023) выклікаў неадназначную рэакцыю - ён замяніў фірмовы для гурта эмацыйны поп-рок на гучны, абразіўны, «арыентаваны на TikTok» матэрыял, які быў свядома не ў сваёй стыхіі. Таму новая пласцінка з самой назвай — «я думаю, я хачу дадому» — успрымаецца як свядомае прызнанне: «давайце вернемся да таго, што сапраўды працавала».
Трыа зноў пісала музыку разам у адным пакоі, без пасярэднікаў і лішняй прадукцыйнай абалонкі.
Тэматычна альбом выйшаў надзвычай цяжкі і аўтабіяграфічны. Ён нарадзіўся на фоне анкалагічнага дыягназу бацькі вакаліста Мюрэя Маклаўда, страты маці бас-гітарыста Джордана Сміта, творчай фрустрацыі, рамантычных крызісаў і агульнай нестабільнасці ў жыцці гурта.
As It Is - As It Is. Пяты студыйны альбом транс-атлантычнага поп-рок квартэта. Гэта першая праца, запісаная класічным складам — Пэці Уолтэрсам, Бенам Ленгфард-Бісам, Алі Тэста і Патрыкам Фолі — за восем гадоў, з часоў плыткі The Great Depression (2018).
Назва «As It Is» для пятага альбома — свядомы сімвалічны крок. Гэта заяўленне: менавіта гэты альбом найлепш прадстаўляе гурт такім, які ён ёсць. Сам фронтмэн Пэці Уолтэрс тлумачыць гэта прасцей — гэта момант, калі яны вярнуліся да ўспаміну, чаму наогул пачалі гурт: каб быць побач адзін з адным, як дзеці, што пішуць песні разам.
Тэматычна пласцінка — свядомы разварот ад чатырох папярэдніх, даволі змрочных альбомаў да больш светлага гучання.
Што яшчэ раім паслухаць:
- Eva Under Fire - Villainous
- Jack White - Frozen Charlotte
- The Plot in You - The Plot in You
- Haken - in a fever dream (EP)
- Motionless in White - Decades
- The HU - Hun
- Five Finger Death Punch - Legacy